Главная » 2018 » Февраль » 8 » І зноў пра школу...
23:38
І зноў пра школу...

Ала Антановіч скончыла школу 10 гадоў таму. Пасля заканчэння педагагічнага ўніверсітэта працавала ў сярэдняй школе № 1 г. Салігорска. 

Ала Антановіч, выпускніца 2008 года (10 гадоў пасля школы)

Ведаеце, не заўсёды разумееш, што такое час… Аднак сёння ўжо ясна: час- адзінка вельмі хуткая. Мінула ўжо 10 год як я пераступіла парог школы і пайшла ў “дарослую будучыню”. Мне верыцца і не верыцца адначасова. Зараз нават дзіўна ўспамінаць, але калі мы вучыліся, мабільныя тэлефоны толькі з’яўляліся, камп'ютары былі адзінкавымі. Добра памятаю, як мы збіраліся падгрупай дома ў аднакласніцы, каб зрабіць прэзентацю. Інтэрнэт быў такі марудны, што за палову дня мы зрабілі толькі частку задання.

Але што для мяне школа?! Гэта вялікая частка майго жыцця, таму што і прафесія мая непасрэдна звязаная з ёю.

Канечне, школу я ўспамінаю з цеплынёю. Наш 11 “А” быў невялікі: 17 чалавек. Але так было не заўсёды. Калі я толькі ішла ў школу, было 4 першыя класы. Я добра памятаю сваю першую лінейку. Я зусім не разумела, куды ісці, чаго я тут стаю і хто гэтыя хлопцы і дзяўчаты побач. Зараз мне, канечне, смешна. Настаўніцу маю звалі Таццяна Аляксандраўна Шэўрына. Яе я запомніла, як цудоўнага выкладчыка, безумоўнага аўтарытэта ў нашых вачах. Напэўна, самы яскравы ўспамін, гэта праігрывацель з пласцінкамі з групай “Ласковый май”, якую мы слухалі на прадлёнцы. Таксама добра памятаю з гэтых часоў невялікі паход да старых яўрэйскіх могілак. Калі хто не ведае, распавяду: гэта невялікі лясок паміж калгасным дваром і торфабрыкетным заводам. Як толькі мы туды прыйшлі, велізарная сава ўзнялася на крыло. Нас, дзяцей, гэта вельмі ўразіла.

Што датычыцца больш старэйшага ўзросту, успамінаў шмат і большасць добрых. Цудоўныя канцэрты: “Вучань года”, “КВЗ”, на якія збіралася не тое што школа, а нават пасёлак. Канечне, паездкі, паходы, вечары з нашай энергічнай і непаўторнай Людмілай Раманаўнай Рудэнка.

Таксама мала хто можа пахваліцца такімі прадметамі як “Легенды і міфы старажытнай Грэцыі”, або “Гісторыя навук”. А ў нас такія факультатывы вёў дырэктар Дзялендзік Сяргей Паўлавіч. На іх не толькі было добра чуваць, як ляціць муха, але і можна было даведацца пра розныя цікавыя рэчы.

Ўвогуле хачу сказаць, што я чалавек, якому шчасціць. У нас насамрэч былі добрыя настаўнікі- прадметнікі і кожнаму я па-свойму ўдзячна.

Хочацца сказаць “дзякуй усім, хто мае дачыненне да мяне сённяшняй, тым, хто паўплываў на меня як на асобу і на мой светапогляд. Ну і, канечне, школе “дзякуй” за дзяцінства і за сяброў, якія побач са мной і зараз.

 

Категория: Блог главного редактора | Просмотров: 878 | Добавил: Алена_Данілевіч | Рейтинг: 1.0/1
Всего комментариев: 0
avatar